• Гасцініца "Прыпяць"Гасцініца "Прыпяць"
  • Плошча горадаПлошча горада
  • Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
  • ЛяскавічыЛяскавічы
Галоўная -  Навіны -  Навіны раёна

Адчынілі нетры зямлі петрыкаўскай

15.05.2019

Петрыкаўскае радовішча калійных соляў было адкрыта ў гады існавання Савецкага Саюза, яшчэ ў маі 1966 года. І толькі дзякуючы Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі № 37 ад 17 студзеня 2012 года “Аб распрацоўцы Петрыкаўскага радовішча калійных соляў” у мэтах пашырэння вытворчасці калійных кампанентаў было прынята рашэнне аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па прамысловай распрацоўцы гэтага радовішча з будаўніцтвам і ўводам у эксплуатацыю горна-абагачальнага комплексу.

Рэалізацыя гэтага аб’екта была даручана ААТ “Беларуськалій” за ўласныя сродкі. Як вядома, у жніўні 2014 года генеральным падрадчыкам для будаўніцтва камбіната быў абраны ААТ “Трэст Шахтаспецбуд”.

Самым складаным момантам будаўніцтва ГАКа стала праходка вертыкальных шахтных ствалоў. Да прамысловага гарызонту будаўнікам давялося здзяйсняць праходку ў 808, 4 метра (скіпавы ствол) і ў 725, 95 метра (клецявы ствол), замарожваючы пры гэтым водныя пласты нашай петрыкаўскай зямлі.

І вось прыемная навіна: раней нарматыўнага тэрміну будаўнікі ААТ “Трэст Шахтаспецбуд” завяршылі праходку ствалоў з высокай якасцю выканання работ. З гэтай нагоды ў суботу, 11 мая, на будучым камбінаце адбыўся ўрачысты мітынг.

Дарэчы, да будаўніцтва скіпавага ствала № 1 прыступілі 17 мая 2016 года, а клецявога № 2 – 30 жніўня 2016 года. Дзякуючы работнікам шахтапраходчага ўпраўлення пад кіраўніцтвам (на першых парах будаўніцтва) начальніка Алега Падаляка і галоўнага інжынера Сяргея Маслянага і прымяненню правераных часам тэхналогій з выкарыстаннем цяперашняга сучаснага абсталявання былі дасягнуты новыя рэкорды. Так, за ўсю гісторыю будаўніцтва ствалоў калійнай прамысловасці на постсавецкай прасторы такога месячнага тэмпу яшчэ не назіралася. Лічыце самі: у жніўні 2017 года было пройдзена 80 метраў у глыбіню нетраў зямлі (!). Цяпер калектыў узначальваюць вучні Алега Аляксандравіча і Сяргея Віктаравіча – Аляксандр Кудраватых і Сяргей Грынцэвіч, якія ставяць перад сабой новыя задачы ў будаўніцтве шахты.

Словамі прывітання мітынг адкрыў генеральны дырэктар ААТ “Беларуськалій” Іван Галаваты. Іван Іванавіч прыбыў з урачыстай місіяй – уручыць нагрудныя знакі “Шахцёрская слава”.

– Самае прыемнае мерапрыемства на базе камбіната, які будуецца на Петрыкаўшчыне, мы праводзім не першы раз, – пачаў Іван Іванавіч. – У 2016 годзе мы ўрачыста шанавалі праходчыкаў і адкрывалі сімвалічны камень, які тады яшчэ стаяў у чыстым полі. Як бачыце, за такі кароткі тэрмін тут столькі аб’ектаў пабудавана! І, зразумела, калійная прамысловасць пачынаецца з будаўніцтва ствалоў.

ААТ “Трэст Шахтаспецбуд” існуе больш за 40 гадоў, і, дзякуючы зладжанасці ўсіх брыгад, тут завершана будаўніцтва ствалоў зараней запланаванага тэрміну. Цяпер працягнецца арміроўка ствалоў і можна будзе наладжваць машыны і пачынаць работы па спуску пад зямлю першых камбайнаў.

Шчырыя словы ўдзячнасці будаўнікам! Самае галоўнае – моцнага здароўя, аптымізму, запалу! І я з задавальненнем уручаю знакі “Шахцёрская слава”.

Так, знак “Шахцёрская слава” ІІ ступені атрымалі: Раман Галагуцкі – брыгадзір праходчыкаў 7 разраду горнапраходчага ўчастка № 2 шахтапраходчага ўпраўлення, Дзмітрый Кічко – праходчык 7 разраду горнапраходчага ўчастка № 2 шахтапраходчага ўпраўлення; ІІІ ступені – Дзмітрый Емяльянаў – начальнік участка свідравыбухных работ і вентыляцыі шахтапраходчага ўпраўлення, Алег Колабаў –  начальнік участка халадзільных і кампрэсарных установак шахтапраходчага ўпраўлення, Сяргей Трухан – праходчык 6 разраду горнапраходчага ўчастка №1 і Вячаслаў Ульянчык – праходчык 7 разраду горнапраходчага ўчастка № 1 шахтапраходчага ўпраўлення.

Да мікрафону быў запрошаны старшыня Савета дырэктараў ААТ “Трэст Шахтаспецбуд” Валерый Старцаў, які павіншаваў праходчыкаў і уручыў нагрудны срэбны знак начальніку горнапраходчага ўчастка № 2 шахтапраходчага ўпраўлення Дзмітрыю Ганічу.

У мерапрыемстве прыняў удзел і старшыня Петрыкаўскага райвыканкама Аляксандр Наўныка.

– Вы сваёй працай і сяброўствам паказалі, якое прадпрыемства можна ўзвесці ў Палесскай глыбінцы, – адзначыў Аляксандр Міхайлавіч. – На Гомельшчыне гэта будзе трэцяе маштабнае прадпрыемства пасля Мазырскага НПЗ і Жлобінскага БМЗ. Прыемна, што са сваімі задачамі вы справіліся на год зараней. Жадаю ўсім моцнага здароўя, аптымізму і толькі наперад! Дзякуй за працу!

Ад імя Петрыкаўскага райвыканкама Аляксандр Міхайлавіч уручыў Ганаровыя граматы  генеральнаму дырэктару ААТ “Трэст Шахтаспецбуд” Дзянісу Дзівуліну і дырэктару Петрыкаўскага ГАКа ААТ “Беларуськалій” Дзмітрыю Трухану.

Слова для выступлення і ўручэння ўзнагарод было перададзена генеральнаму дырэктару ААТ “Трэст Шахтаспецбуд” Дзянісу Дзівуліну. Дзяніс Аляксандравіч уручыў Ганаровыя граматы ад Трэста шэрагу працаўнікоў. Асабліва ўрачыстай стала ўзнагарода для галоўнага энергетыка шахтапраходчага ўпраўлення Уладзіміра Мялешкі, бо 11 мая ён святкаваў дзень нараджэння.

Восем працаўнікоў атрымалі медалі “50 гадоў Мінскай абласной арганізацыі “Белхімпрафсаюз работнікаў хімічнай, горнай і нафтавай галін прамысловасці”.

Ганаровымі граматамі і падарункамі былі ўзнагароджаны  працаўнікі і ад прафсаюзнага камітэта ААТ “Трэст Шахтаспецбуд”, якія ўручыў старшыня прафкама Іван Міхнавец. Дарэчы, прафсаюзная пярвічка не забылася і пра ветэранаў галіны: падарункі атрымалі Валянцін Сакалоў і Генадзь Чыбісаў.

Прыемным лірычным адступленнем стала песеннае выкананне знакамітых “Зорачкая мая ясная” і “Дзень Перамогі”. Мне падалося, што на мітынг прывезлі прафесійнага спевака. Але, як аказалася, песні выканаў машыніст пад’ёмнай машыны 5 разраду ўчастка пад’ёму шахтапраходчага ўпраўлення Віталь Таполя. Дарэчы, Віталь Анатольевіч таксама быў узнагароджаны Ганаровай граматай ад ААТ “Трэст Шахтаспецбуд”.

Яшчэ раз віншуем праходчыкаў з такой знакавай падзеяй. Толькі пазітыву і цярпення ў вашай нялёгкай рабоце. Усе мы чакаем адкрыцця такога значнага для краіны і нашага рэгіёну прамысловага аб’екта. Поспехаў вам, паважаныя!