• ЛяскавічыЛяскавічы
  • Гасцініца "Прыпяць"Гасцініца "Прыпяць"
  • Плошча горадаПлошча горада
  • Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
Галоўная -  Навіны -  Навіны раёна

Час для падзей

04.02.2020


Сёння пяцігадовы юбілей адзначае калектыў супрацоўнікаў аддзялення дзённага знаходжання людзей сталага ўзросту Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. 
Выхад на пенсію кожны чалавек успрымае па-рознаму. Але на пэўныя групы гэтых людзей можна размеркаваць. Нехта, прысвяціўшы сябе прафесіі, не ўяўляе жыццё без яе, хваравіта перажывае адрыў ад калектыву. Іншыя з нецярпеннем чакаюць моманту выхаду на пенсію, каб нарэшце заняцца любімай справай або навучыцца новаму, цікаваму, патрэбнаму.
Мы часта друкуем на старонках газеты матэрыялы пра мерапрыемствы, якія праходзяць у аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў і людзей сталага ўзросту. Існуючы напачатку стварэння, як асобныя структуры, аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў і дзённага знаходжання людзей сталага ўзросту ў 2018 годзе былі аб’яднаны ў адно. Кіруе калектывам супрацоўнікаў аддзялення Вольга Траяноўская, згуртаваўшы калег вакол асноўнай задачы: зрабіць жыццё сваіх падапечных цікавым, пазнавальным, насычаным і карысным. Каля вытокаў стварэння аддзялення для сталых людзей стаяла сённяшні спецыяліст Таццяна Голуб. Побач з ёй усе пяць гадоў працуе і Алена Андрук.
– Форм занятасці сталых людзей у аддзяленні мноства, – расказала Таццяна Голуб. – Кожны наведвальнік знайшоў сабе занятак па душы, набыў новыя веды і навыкі.
Творчыя калектывы “Маладыя душою” і “Беспакойныя сэрцы” шырока вядомы на сцэнах раёна і вобласці, штогод становяцца пераможцамі абласных фестываляў і конкурсаў для людзей узросту 55+. Усе жадаючыя навучаюцца карыстанню інтэрнэтам і сацыяльнымі сеткамі. Без гэтага сёння чалавеку сталага ўзросту, чые дзеці далёка, нельга. Нямала ў нас жадаючых займацца рукадзеллем. Жанчыны вяжуць пруткамі і кручком, плятуць з паперы, займаюцца дэкупажам. Дзеляцца сваім майстэрствам, ствараюць карысныя рэчы не толькі для сябе, але прапануюць на выставах-продажах, дораць на дабрачынных акцыях, якія самі і арганізоўваюць.
Напэўна, чытачам не аднойчы даводзілася бачыць на вуліцах горада жанчын, якія шпарка крочаць з парай палак для хады. Многія з іх – наведвальнікі аддзялення. І скандыныўскай хадзьбой, так называецца гэты від фізічнай культуры, яны займаюцца ў рамках праграмы наведвання групы лячэбнай гімнастыкі.
Літаральна напрыканцы 2019 года ў аддзяленні адбылася яшчэ адна значная падзея. Па хадайніцтве раённага савета ветэранаў і першаснай арганізацыі ветэранаў спорту і фізічнай культуры, наведвальнікі аддзялення атрымалі магчымасць двойчы на тыдзень бясплатна займацца ў фізкультурна-спартыўнай зале. Трэнажоры, гімнастычны інвентар, більярдныя і тэнісныя сталы, а галоўнае – зала, сталі даступныя людзям, якія, хутчэй за ўсё, фінансава не змаглі б сабе гэта дазволіць. Адначасова займаюцца тут дзве групы – члены перашаснай арганізацыі ветэранаў фізічнай культуры і спорту і наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання людзей сталага ўзросту.
У час аднаго з такіх заняткаў мы і пагутарылі з наведвальнікамі спартыўнай залы. Прыходзіць іх у ФАЗ нямала, да трыццаці чалавек адначасова. Мужчыны пераважна гуляюць у тэніс і більярд. Жанчынам больш па душы трэнажоры і лячэбная гімнастыка. Ладзяцца і спаборніцтвы, у тым ліку па стрытболе. Расказваючы пра заняткі, жанчыны найперш адзначылі той эфект, што прыносяць ім фізкультурныя практыкаванні.
– Лячэбнай гімнастыкай мы займаліся з самага пачатку стварэння нашага аддзялення, – расказала Раіса Бу-дзіловіч, адна з самых актыўных членаў гэтага калектыву. – Але ў зале аддзялення нават дзесяці чалавекам для такіх заняткаў было мала месца. Тут жа адначасова займаемся па 15-18. Пашчасціла, што ў нас ёсць свой спецыяліст – Людміла Зубар. Гэта жанчына многія гады працавала ў ЦРБ, затым у “Клубе юных маракоў” спецыялістам па лячэбнай гімнастыцы. Сёння з яе дапамогай мы навучыліся правільна размяркоўваць нагрузкі, ведаем пра іх прызначэнне для кожнага органа. Амаль гадзі-на фізічных практыкаванняў на розныя групы мышцаў, суставы, на каардынацыю і нават уважлівасць не дае адчуванне стомленасці. Наадварот, лёгкасць, рухомасць, ўзнятасць настрою.
– Вялікая справа – калектыў, – дадае Надзея Міцкевіч. – Мы занятыя агульнай справай, нам цікава разам. У такіх умовах ні на момант не закрадаецца думка пра адзіноту. Трэнінгі, групавыя заняткі, агульныя справы робяць жыццё перапоўненым на падзеі, планы.
– Часам здаецца, што і ў маладосці столькі не паспяваў, колькі зараз, – да гутаркі далучылася Валянціна Дашкевіч, якая яшчэ паспявае быць удзельніцай самадзейнага калектыву пры раённым аўтаклубе і Доме культуры. – Хочацца паспець усё: спяваем, вяжам, фізкультурай займаемся. На зімовых канікулах нават унукі з намі ў ФАЗ хадзілі. Пасля асноўнай трэніроўкі – гульні, спаборніцтвы. Цяпер цікавяцца, ці можна будзе і на вясенніх канікулах з намі сюды хадзіць.
Старшыня першаснай арганізацыі ветэранаў фізічнай культуры і спорту Аляксей Каюкала, які быў асноўным ініцыятарам занятасці пажылых людзей у фізкультурна-спартыўнай зале, адзначыў, што з кожным днём колькасць жадаючых трапіць у спіс льготнага наведвання залы расце. Расце і жаданне людзей часцей тут бываць. Цяпер ёсць неабходнасць выйсці з хадайніцтвам для выдзялення яшчэ аднаго дня для заняткаў.
Кожны з нас сам вызначае, чым запоўніць сваё жыццё, а ў большасці і тое, якім будзе яго сёння і заўтра. Сённяшні дзень наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў і пажылых людзей яркі, насычаны і падзейны. А заўтра – новыя фестывалі, спаборніцтвы, акцыі і сустрэчы.