• Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
  • ГПГП
  • Плошча горадаПлошча горада
  • ЛяскавічыЛяскавічы
Галоўная -  Навіны -  Навіны раёна

Кампенсацыю перадаў дзецям

01.02.2021

Інспектар Дзяржаўтаінспекцыі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Васіль Стракач перадаў навучэнцам Петрыкаўскай школы-інтэрната магнітную дошку, набытую ім за сродкі, атрыманыя па рашэнні суда ў якасці маральнай кампенсацыі 
У час чарговага дзяжурства інспектар ДАІ Васіль Стракач спыніў для праверкі аўтамабіль петрыкаўчаніна Б. Мужчына быў нязгодны з дзеяннямі інспектара, пра што недвухсэнсоўна выказаўся. У міліцыянера была падстава кваліфікаваць яго дзеянні і словы як абразу на свой адрас пры выкананні службовых абавязкаў. Сваю пазіцыю пакрыўджанага вадзіцель потым выклаў у скарзе, адрасаванай у Галоўнае ўпраўленне асабістай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў. Пры гэтым палічыў важным выказаць уласную думку, што з-за такіх “пярэваратняў у пагонах пакутуюць мірныя безабаронныя грамадзяне”.
Пры прававой падтрымцы ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама Васіль Стракач звярнуўся ў суд Петрыкаўскага раёна з грамадзянскім іскам. Суд прыняў іскавыя патрабаванні да задавальнення. Маральная кампенсацыя была прысуджана. Да таго ж адказчыку давялося кампенсаваць і судовыя выдаткі.
Праведзеная праверка высветліла, што факт парушэння вадзіцелем меў месца, і гэта было падставай для пачатку адміністрацыйнай справы па артыкуле 23.5. Аднак, пакуль праходзіла праверка і экспертыза, разглядаўся іск у судзе, адміністрацыйная справа была спынена ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў накладання спагнання.
– Атрымаўшы кампенсацыю, я вырашыў перадаць яе на дабрачыннасць, – патлумачыў Васіль Стракач пасля сустрэчы з выхаванцамі школы-інтэрната. – Такая мая пазіцыя. Мяркую, што гэтыя грошы прынясуць большую карысць дзецям. Таму ўзгаднілі з адміністрацыяй школы-інтэрната саму працэдуру, закупілі магнітную дошку “Фліпчарт” і сёння сустэліся з дзецьмі, каб перадаць падарунак.
Школа-інтэрнат мае працяглае і трывалае супрацоўніцтва з аддзелам унутраных спраў. Але раней супрацоўнікі РАУС заходзілі сюды, каб правесці прафілактычныя сустрэчы. Цяпер жа абяцалі заходзіць і з падарункамі.