• Гасцініца "Прыпяць"Гасцініца "Прыпяць"
  • Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
  • ЛяскавічыЛяскавічы
  • Плошча горадаПлошча горада
Галоўная -  Навіны -  Навіны раёна

Крочу па жыцці з клопатам і ўдзячнасцю

30.01.2020


Фельчар на вёсцы – гэта чалавек, да якога цягнуцца ўсе тыя, у каго забалела цела і душа. А гэта, лічы, большая палова жыхароў.
Якія яны, будні вясковага фельчара, што хвалюе і непакоіць людзей самай гуманнай прафесіі, якія прафесійныя і асабістыя мары маюць – пра ўсё пра гэта і пойдзе ў нас размова з Людмілай Тарасавай, фельчарам з аграгарадка Чалюшчавічы.
Людміла Фёдараўна з мясцовых: яе малая радзіма – вёска Вялікае Поле, дзе і сёння сустрэчы з дачкою чакае маці, радуецца за яе, ганарыцца ёю. Вось ужо без малога 32 гады клапоціцца пра здароўе жыхароў вёсак Другая Слабодка, Чырвоная Горка, Вялікае Поле і непасрэдна Чалюшчавіч Людміла Фёдараўна. У любое надвор’е яна спяшаецца на дапамогу, пераадольваючы кіламетры па восеньскім бездарожжы і пад палячым летнім сонцам, зімовым сцюдзёным ветрам і ў час веснавой адлігі, часам на веласіпедзе, але большай часткай пехатою. У размове жанчына з цеплынёю і любоўю гаворыць пра сваю працу і пацыентаў.
– 32 гады праляцелі, як і не было, і сёння я ўжо лячу ўнукаў сваіх першых пацыентаў. Ведаеце, а гэта вельмі карысны вопыт у маёй прафесіі – сачыць за здороўем пэўнага роду на працягу некалькіх пакаленняў, бо некаторыя хваробы, даказана навукай, маюць генетычны код. Шчыра прызнаюся: для мяне сапраўднае шчасце – пакідаць дом пацыента з пачуццём выкананага службовага і чалавечага абавязку, ведаць, што дапамагла, супакоіла, зняла боль, а кагосьці і ўгаварыла лячыцца. За сваё станаўленне ў прафесіі я і сёння вельмі ўдзячна Іне Баранавай, Юрыю Славінскаму, Раісе Чарненка, Аляксандру і Алене Астапчук і многім іншым.
Мае першыя памочнікі і дарадцы сёння – Алеся Луцэнка, урач агульнай практыкі з Капаткевіч, прафесіянал, стасункі з ёю надаюць мне і маім пацыентам упэўненасці і Вольга Семікопенка, куратар маёй прафесійнай дзейнасці па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва. Увогуле, мне ўсё жыццё шчасціць на добрых, спагадлівых людзей. Можа таму дабрыню, падараваную мне, хочацца перадаць іншым.
Сацыяльны пашпарт майго ФАПа наступны: агульная колькасць жыхароў вёсак, якія я абслугоўваю, – 522 чалавекі. Пенсіянераў сярод іх налічваецца 199 чалавек, працуючых – 246, такім чынам 445 чалавек дарослых і 77 дзяцей. Ва ўзросце ад 80 да 100 гадоў – 35 чалавек. Самы сталы жыхар – Антаніна Афанасьеўна Шурпач з вёскі Другая Слабодка, 1923 года нараджэння.
Прыемны факт мінулагодняй статыстыкі – 5 немаўлят. Сёлета пакуль адзін і цяжарных жанчын на ўліку няма. Але год толькі пачаўся, і я вельмі спадзяюся, што прырасце мой участак новымі жыхарамі. Ведаеце, на ФАП сёння ўскладнена місія не толькі першаснай медыцынскай дапамогі, але і сацыяльнай. Ёсць сярод маіх пацыентаў і абавязаныя асобы, і тыя, хто ўваходзіць у групу рызыкі. Неяк так атрымліваецца апошнім часам, што пакутуе вёска і на алкагалізм, і на асацыяльны лад жыцця. Аднак гэта катэгорыя ў нас пад пільным наглядам: два разы на месяц з аглядавай камісіяй мы наведваем такія сем’і, кантралюем санітарны стан у іх домаўладаннях, наяўнасць прадуктаў. Часам так атрымліваецца, што менавіта ад нашага заключэння залежыць рашэнне пытання на карысць вяртання дзяцей у сям’ю і наадварот.
Яшчэ адзін адказны накірунак работы – дапамога ўрачу ў дыспансерызацыі. Людзі працаздольнага ўзросту павінны рэгулярна праходзіць медагляды. Гэта дазваляе своечасова выявіць небяспечныя захворванні, у тым ліку і памаладзелую анкалогію – ёсць хворыя і на маім участку. Аднак не ўсе гэта разумеюць і прымаюць, таму даводзіцца тлумачыць, угаворваць, а то і сароміць – урачы прыязджаюць да нас, а мы не арганізуемся. Глядзіш – прыйшлі, сорамна стала, ды і пра здароўе варта клапаціцца своечасова, недарэмна гаворыцца: хваробу лягчэй прадухіліць, чым лячыць. На працягу апошніх чатырох гадоў у нас няма хворых на сухоты. Флюраграфічнае абследаванне ў мінулым годзе прайшлі 80% маіх пацыентаў, прычым сярод іх няма такіх, хто б за апошнія два гады не абследаваўся.
Для сваіх пацыентаў я даступная 24 гадзіны на суткі, 7 дзён на тыдзень. Па маім меркаванні, вясковы медык павінен быць у зоне доступу заўсёды. Я ж у іх адна. Мае пацыенты адчуваюць сябе намнога спакайней і лепш, калі ведаюць, што я побач і ў выпадку неабходнасці заўсёды прыйду на дапамогу. У гэтым сэнсе нашым вяскоўцам намнога зручней, чым гараджанам: да іх заўсёды прыходзіць дасведчаны ў праблеме медыцынскі работнік, не дзяжурны, якому трэба ўсё расказаць пра свае праблемы.
Вядома, адзінокія састарэлыя людзі, а іх на маім участку нямала, маюць вострую патрэбу ў пастаянным клопаце, увазе і зносінах. Хтосьці прыходзіць дзеля гэтага на ФАП, да іншых іду сама. Калі па часе гляджу, што не паспяваю сёння забегчы, а я ж ведаю, што чакаюць мяне, трымаю сувязь са сваімі пацыентамі па тэлефоне. Дакладна ведаю, што не толькі таблетка і ўкол робяць сваю справу, а і добрае слова, запытанне пра ціск, настрой, пажаданне моцнага здароўя і прыемнага дня – часам гэтага бывае дастаткова.
Вельмі перажываю, калі пацыенты адмаўляюцца працягваць лячэнне, належным чынам не клапоцяцца пра ўласнае здароўе. Сардэчна-сасудзістыя захворванні, а іх большасць на маім участку, патрабуюць сістэмнага лячэння і пастаяннага ўласнага і медыцынскага кантролю.
Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць агульнае пажаданне-просьбу ад усіх медыцынскіх работнікаў: беражыце сябе і сваіх родных, сачыце за здароўем, звяртайцеся своечасова за прафесійнай медыцынскай дапамогай і жывіце доўга і шчасліва!