• Гасцініца "Прыпяць"Гасцініца "Прыпяць"
  • Плошча горадаПлошча горада
  • Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
  • ЛяскавічыЛяскавічы
Галоўная -  Навіны -  Навіны раёна

Шляхам спроб выбіраем лёс

23.01.2020


Працягваючы серыю публікацый пра былых кіраўнікоў Петрыкаўшчыны нельга не адзначыць жыццёвы шлях Валянціна Рабушка. Валянцін Дзяменцьевіч завітаў у рэдакцыю, каб расказаць, як усё адбывалася.
У сям’і ездавога Дзяменція Кузьміча і дамашняй гаспадыні Соф’і Іванаўны Валянцін быў малодшым, пятым дзіцям. Але гэта не значыла, што працаваць даводзілася менш за старэйшых дзяцей.
– Карова наша была вялікая і з’ядала за зіму чатыры тоны сена, – пачаў мой суразмоўца. – Таму нарыхтоўваць кармы даводзілася ўсім. Я нарадзіўся на Брагіншчыне ў вёсцы Вязок, дзе было каля 180 двароў, у якіх гаспадарылі 580 жыхароў. Недалёка знаходзіліся Астрагляды – цэнтральная вёска, дзе размяшчалася сельгаспрадпрыемства і сельсавет. Гаспадарка займалася вырошчваннем гародніны і садавіны, таму ў вялікіх садах участкі дзялілі на жыхароў, дзе мы і касілі траву.
Каля дома таксама трэба было апрацоўваць участак у 45 сотак. Для севазвароту сеялі і канюшыну, і жыта, а таксама вырошчвалі шматлікую гародніну. Зямля там была ўрадлівая, і мы ніколі не ведалі, што такое паліў. І калі пазней я перавёз бацькоў на Петрыкаўшчыну, то яны здзіўляліся, што без паліву нічога не расце. А там, на малой радзіме, калі 35 цэнтнераў на круг давалі зерневыя, дык гэта лічылі неўраджаем. Памятаю, як за садам пасеялі “эліту” пшаніцы, дык намалацілі 90 цэнтнераў з гектара.
Так, пасля школы я намерваўся стаць мараком, таму ўпэўнена накіраваўся на паступленне ў калініградскае вучылішча. Праўда, гэта была “грамадзянская”, не ваенная ўстанова. На жаль, мне не хапіла паловы бала. Усё ж трэба было быць больш настойлівым і пачакаць. З трыццаці набраных курсантаў двое не прыехалі і я мог апынуцца на іх месцы. Дакументы вярнулі 8 верасня і я паехаў дадому. Зразумела, на гэты год я ўжо нікуды не паспеў іх падаць, таму старэйшы брат забраў мяне ў Брагінскую ПМК-94 слесарам, дзе я адпрацаваў год.
На наступны год паступіў у мазырскі педінстытут на факультэт тэхнічных дысцыплін і фізікі, а ў 1979 годзе па накіраванні паехаў на Петрыкаўшчыну. Ехаў не адзін, а з жонкай Кацярынай Фёдараўнай, якая таксама скончыла гэту педагагічную ўстанову і стала настаўнікам малодшых класаў у Мышанцы.
У Мышанскай школе я быў майстрам вытворчага навучання. Наколькі ведаю, і да сёння там захавалася гэта справа, дзе вучні маюць магчымасць набыць спецыяльнасць трактарыста. Мне ж давялося мець справу з дзецьмі ваеннаслужачых, якія супраціўляліся і не жадалі вывучаць трактарную справу. Хочаш не хочаш, а рыхтавацца і здаваць экзамен па ёй вучням прыходзілася.
Там жа, у будынку школы, нам з Кацярынай далі “аднапакаёўку”, дзе нарадзіліся нашы сыны – Валянцін і Аляксандр. Зразумела, было цеснавата, трэба было шукаць варыянты з жыллём.
Старшыня прафкама мясцовага саўгаса Леанід Гусакоў і раённага прафкама работнікаў АПК Уладзімір Абібак прапанавалі мне вызваленую пасаду ў саўгаснай прафсаюзнай “пярвічцы”. Я згадзіўся. Дарэчы, з жыллём таксама вырашылі пытанне – нам далі кватэру. Прафсаюзная работа дала добрую школу. Я сам распрацаваў калектыўны дагавор. Штогод у нас праходзіў сход, на якім заслухвалі дырэктара саўгаса з падрабязнай справаздачай. Прыемна было працаваць з Мікалаем Казараўцом, які ўзначальваў саўгас “Мышанка”.
Была адточана работа такім чынам, што мяне залічылі ў члены аблсаўгаспрафкама, а наш прафкам стаў базавым па навучанні новых лідараў пярвічак Петрыкаўшчыны.
Узгадваю свае першыя гады работы ў прафсаюзным руху, калі пры падвядзенні вынікаў сацыялістычных спаборніцтваў мы ўручалі падарункі перадавікам вытворчасці спачатку на тры рублі, а ў апошнія гады маёй дзейнасці падарункі людзям сталі больш “важкімі” – дываны і каляровыя тэлевізары.
Пяць гадоў я адпрацаваў на гэтай пасадзе, а потым столькі ж старшынёй Мышанскага сельсавета. Тут працягнуў работу з людзьмі. Да таго, прымалі ўдзел у абласным конкурсе сярод сельсаветаў, дзе занялі пачэснае трэцяе месца. У конкурсе ўлічвалася і добраўпарадкаванне населеных пунктаў, і работа з грамадзянамі, і вытворчыя паказчыкі арганізацый і прадпрыемстваў, размешчаных на тэрыторыі Савета.
Потым першы сакратар райкама Партыі Фёдар Торманаў пак-лікаў да сябе і прапанаваў узначаліць саўгас “Мышанка”. Я імкнуўся данесці, што з педагагічнай спецыяльнасцю наўрад ці спраўлюся з гэтай пасадай, але Фёдар Мікалаевіч адзначыў: “Ты інжынер па “жалезках” і чалавечых душах, так што загад Партыі трэба выконваць! Справішся!”. Так у 1991 го-дзе я стаў дырэктарам саўгаса. Першы год быў прадукцыйным: атрымалі пяць камбайнаў “Дон”, адсыпалі дарогі на Беседкі, Новыя Кацуры, пабудавалі павець, вытворчыя памяшканні і зерне-склад. А ў 1992 годзе развал Саюза даў свае “вынікі”. Цяжка было не толькі нашаму сельгаспрад-прыемству, але і ўсім.
На той час у нашым саўгасе было задзейнічана 630 працуючых. Працавалі два аддзяленні: “Церабаў” і “Мышанка”. Зерневых вырошчвалі на плошчы ў 1150 гектараў, 300 гектараў займалі бульбай, астатнюю плошчу – гароднінай, цукровымі буракамі. Дарэчы, бульбу вагонамі накіроўвалі на Паўночны флот. Нягледзячы на тое, што саўгас меў нязручнае геаграфічнае становішча і бальнасць глебы была невысокая, усё ж ніжэй сярэднераённых паказчыкаў мы ніколі не апускаліся. Быў ураджайны год, калі на круг пасяўной плошчы мы атрымалі 27,2 цэнтнера з гектара. З людзьмі мы абмеркавалі і прыйшлі да бальнай сістэмы ацэнкі работы. Гэта стымулявала многіх работнікаў. Але была і папруга: так, калі гаспадарцы наносіў-ся ўрон, то вяртаць яго даводзілася работніку ў пяціразовым памеры. І пакуль грошы не ўносіліся ў касу, то да працы работніка не дапускалі.
Чатыры гады я адпрацаваў кіраўніком гаспадаркі, а пасля перанесенай аперацыі ўрач мне параіў змяніць дзейнасць. Я звярнуўся да былога старшыні райвыканкама Уладзіміра Хілі і ён мне прапанаваў пасаду свайго намесніка па сацыяльных пытаннях. Адзначу, што гэта работа мне вельмі падабалася. Дзевяць гадоў я прысвяціў ёй. На той час акрамя галін адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны насельніцтва, маладзёжнай палітыкі і пытанняў рэлігіі я быў адказны і за гандлёвае абслугоўванне ў раёне. Магу з гонарам сказаць, што паіменна ведаў усе рэлігійныя суполкі і тых, хто іх узначальваў на Петрыкаўшчыне. Маім дэвізам было – рабі дабро лю-дзям, і я насамрэч імкнуўся да гэтага.
Потым старшыня райвыканкама Мікалай Астаповіч (светлая яму памяць) прапанаваў мне пасаду старшыні раённага Савета дэпутатаў. І на гэтай пасадзе я адпрацаваў дзесяць гадоў. Гэта таксама быў цікавы час, але і складаны. У прыярытэце была работа з людзьмі.
Пайшло паступовае будаўніцтва аграгарадкоў у раёне. Кожнае структурнае падраздзяленне павінна было давесці да належнага выгляду свае аб’екты, размешчаныя ў цэнтральных населеных пунктах сельсаветаў. Мне прыемна было працаваць са старшынямі сельвыканкамаў: Вольгай Голас, Уладзімірам Аляксандравым, Уладзімірам Мазаём, Аляксандрам Дрыгам і іншымі. Як раз у той час актыўна пайшла работа інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама. Я вызначыў для сябе маршрут па аддаленых маланаселеных вёсках, дзе сустракаўся з іх жыхарамі і імкнуўся па-магчымасці дапамагчы вырашыць надзённыя праблемы. Людзі разумелі, што раён наш трымаецца на датацыях, але прагрэйдзіраваць, падсыпаць тую ж дарогу можна было. З гэтым і іншымі пытаннямі звярталіся вяскоўцы. Усе пытанні заносіліся ў пратакол, даваліся даручэнні кіраўнікам адпаведных служб. Была і адваротная сувязь: пасля выканання пытання даваўся адказ.
Жонка мая адпрацавала ў Петрыкаве ў спецыяльным прафесійна-тэхнічным вучылішчы і ў школе-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі маўлення. Сыны выраслі, у іх свае сем’і. Валянцін на сёння заняты ў галіне ЖКГ, Аляксандр працуе выратавальнікам у РАНС. Асалода для нас з Кацярынай Фёдараўнай – унукі Дзіма і Рома. Рома маленькі яшчэ, усяго чатыры гадкі, а Дзіма ў свае дзевяць падае добрыя спадзяванні як футбаліст. Яго заўважылі і запрасілі іграць за мазырскую каманду. Дзіма пабываў ужо тройчы ў Польшчы, двойчы ў Кіеве, а таксама з камандай ездзілі на гульні па шматлікіх гарадах Беларусі. Спадзяюся, што футбол будзе мець працяг у ягоным жыцці. – Дзякуй, Валянцін Дзяменцьевіч, за сустрэчу! Жадаю Вам здароўя і прыемных клопатаў на заслужаным адпачынку!