• ЛяскавічыЛяскавічы
  • Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
  • Плошча горадаПлошча горада
  • Гасцініца "Прыпяць"Гасцініца "Прыпяць"
Галоўная -  Навіны -  Навіны раёна

Супраць бяды – разам

13.06.2022

Як паказвае статыстыка, з наступленнем цёплых дзён павялічваецца колькасць правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Знаходжанне дзяцей без суправаджэння дарослых у начны час, распіццё спіртных напояў, парушэнні грамадскага парадку – асноўныя прычыны таго, што юнакі і дзяўчаты трапляюць у поле зроку праваахоўнікаў.
Ва ўстановах адукацыі на пастаяннай аснове праводзіцца работа з дзецьмі і іх законнымі прадстаўнікамі па тлумачэнні наступстваў супрацьпраўных дзеянняў. І ўсё ж сустракаюцца навучэнцы, якія не да канца ўсведамляюць неабходнасць выканання законаў, а многія бацькі пераклалі свае абавязкі на ўстанову адукацыі і структуры прафілактыкі. Мы звярнуліся да намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх Петрыкаўскага райвыканкама Наталлі Ходзька, каб даведацца, якія меры прымаюцца ў раёне для стабілізацыі сітуацыі.
– У маі бягучага года з мэтай кантролю за паводзінамі непаўналетніх у грамадскіх месцах былі арганізаваны рэйды з прыцягненнем начальнікаў аддзелаў, спецыялістаў райвыканкама, супрацоўнікаў міліцыі. Шкада, але зноў даводзіцца гаварыць, што не заўсёды законныя прадстаўнікі ведаюць, як і дзе праводзяць час іх дзеці, – дзеліцца суразмоўца. – Выяўлены выпадкі ўжывання алкаголю, вэйпаў. Зафіксаваны факт знаходжання школьнікаў пасля дваццаці трох гадзін без суправаджэння дарослых, прычым адзін з кампаніі пражываў за дваццаць кіламетраў ад месца, дзе юнакоў выявілі члены патруля.
Наталля Мікалаеўна адзначыла, што ў летні час гэтая работа будзе працягвацца настаўніцка-бацькоўскім патрулём. Па яе меркаванні, удзел бацькоў у гэтай працы абавязковы – ён дазволіць ім самім убачыць, як бавяць час падлеткі.
Напрыканцы гутаркі прадстаўнік структуры прафілактыкі нагадала, што дзецям ва ўзросце да 16 гадоў забаронена знаходзіцца ў грамадскіх месцах з 23 да 6 гадзін раніцы без суправаджэння дарослых. Пры парушэнні дадзенага патрабавання супрацоўнікамі міліцыі будуць складацца на непаўналетніх адпаведныя акты, а для бацькоў уводзіцца адміністрацыйная адказнасць.

Гутарыла Святлана СОБАЛЕВА