• ЛяскавічыЛяскавічы
  • Гасцініца "Прыпяць"Гасцініца "Прыпяць"
  • Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
  • Плошча горадаПлошча горада
Галоўная -  Навіны -  Навіны раёна

У медыцыне, спорце і нават у TikTok: у Гомельскай вобласці назвалі лепшых валанцёраў

01.12.2022

1 снежня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Самых актыўных і спагадлівых юнакоў і дзяўчат паўднёва-ўсходняга рэгіёна ўзнагародзілі 30 лістапада на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу "Валанцёр года - 2022", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Самых актыўных, неабыякавых і мэтанакіраваных юнакоў і дзяўчат, якія вольны час прысвячаюць карыснай і высакароднай справе, сабралі ў абласным драмтэатры. Іх уклад ацанілі напярэдадні Міжнароднага дня дабравольцаў, які штогод святкуецца 5 снежня.

Першы сакратар Гомельскай абласной арганізацыі БРСМ Юлія Ліпоўская адзначыла, што больш за 5 тыс. юнакоў і дзяўчат у вобласці займаюцца валанцёрствам на пастаяннай аснове. Яны дзейнічаюць у складзе амаль 500 атрадаў. "Ідэі гуманнасці, талерантнасці, узаемадапамогі і ўзаемападтрымкі моцныя ў Беларусі. На гэтых жа прынцыпах грунтуецца наш валанцёрскі рух. Выклікі, у тым ліку і знешнія пагрозы, дыктуюць неабходнасць таго, што мы павінны з ранняга ўзросту выхоўваць у дзяцей жаданне дапамагаць бліжнім, аб'ядноўвацца і быць разам. Юнакі і дзяўчаты задзейнічаны ў дзясятках разнастайных праектаў - як пастаянна дзеючых, так і акцыях па аказанні дапамогі бліжнім у штодзённым жыцці", - расказала яна.

У намінацыі "Асабісты ўклад" сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі перамогу атрымалі: Дамініка Кісялёва з Коленскай сярэдняй школы Жыткавіцкага раёна, Валерыя Жыльцова з Зябраўскай базавай школы Гомельскага раёна і вучаніца сярэдняй школы нумар 22 Гомеля Алена Мартынава. Дарэчы, Алена таксама ўдастоена спецыяльнага прыза, заснаванага ў гэтым годзе Беларускім фондам міру.

Адным з настаўнікаў для моладзі і сацыяльных партнёраў у галіне валанцёрства доўгія гады застаецца Гомельская абласная арганізацыя Беларускага Чырвонага Крыжа. Член Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Ала Смаляк уручыла ўзнагароды юнакам і дзяўчатам за лепшы "Валанцёрскі постар". У гэтай намінацыі адзначаны вучаніца гімназіі з Петрыкава Аліна Апановіч, вучаніца сярэдняй школы нумар 8 Мазыра Таццяна Баброўская, вучаніца Брылёўскай сярэдняй школы Гомельскага раёна Дар'я Купрыяненка і Ангеліна Музыка з калінкавіцкай сярэдняй школы нумар 8.

Па выніках года па трох напрамках вызначаны "Лепшыя валанцёрскія атрады". Так, сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі - тры пераможцы. Гэта атрад "Міласэрнасць" з сярэдняй школы нумар 3 імя І.М. Банава ў Жыткавічах, "Клопат" з сярэдняй школы нумар 1 у Хойніках і "Добрае сэрца" з Галавінскай сярэдняй школы Гомельскага раёна. Таксама на сцэну паднімаліся "Анёлы" з Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Валанцёрскі атрад стаў лепшым сярод вучняў устаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі. А валанцёрскі атрад "Сёмае неба" Гомельскага завода ліцця і нармалей перамог сярод прадстаўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, міністэрстваў, ведамстваў.

Кіраўнік праекта "Школа дабра" па падрыхтоўцы валанцёраў Вераніка Ражкова ўручыла ўзнагароду ў новым напрамку. Так, ва ўпершыню заснаванай намінацыі "Валанцёрскі ТiкТок" лепшым прызнаны студэнт Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Данііл Лістапад. Паводле слоў хлопца, акаўнт медуніверсітэта ў гэтай папулярнай сярод моладзі сетцы напоўнены інфармацыяй аб добрых справах валанцёрскага студэнцкага атрада "Анёлы". "З відэа пра акцыі і мерапрыемствы манціруем кароткія ролікі з музычным суправаджэннем. І тым самым трансліруем тое добрае, што нясём людзям, каб як мага больш юнакоў і дзяўчат, студэнцкая моладзь ведала, чым займаецца валанцёрскі атрад, каб яшчэ больш хлопцаў і дзяўчат далучаліся да нашых добрых спраў, што ідуць на карысць гораду і непасрэдна людзям, якія маюць патрэбу ў дапамозе", - растлумачыў ён.

У "Анёлаў" шматпрофільная дзейнасць. Гэта дапамога пажылым людзям і нованароджаным, а таксама жывёлам з прытулкаў. Таксама нядаўна запусцілі акцыю да Новага года і Раства. "Нашы дзяўчаты вяжуць пледы, пінеткі, камізэлькі для маленькіх пацыентаў аддзяленняў для неданошаных у бальніцах Гомеля", - дадаў Данііл.

У гэтым годзе аргкамітэтам конкурсу заснавана яшчэ адна новая намінацыя - "Спартыўнае валанцёрства". Як было адзначана, ніводная буйная спартыўная падзея не можа адбыцца без эфектыўнай валанцёрскай работы. Часта дзякуючы падтрымцы дабравольцаў у спартсменаў, балельшчыкаў і журналістаў ствараецца запамінальны імідж буйнога і адказнага спаборніцтва. І ў гэтай намінацыі перамогу атрымалі студэнт Гомельскага дзяржаўнага медуніверсітэта Даніла Дамброўскі, студэнт ГДТУ імя П.В. Сухога Ілья Кавалёў і студэнтка ГДУ імя Ф. Скарыны Хрысціна Асадчая. Іх вітаў намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Асташонак.

Як адзначылі ў абкаме БРСМ, праца валанцёра - бясплатная і часам вельмі цяжкая. Не кожны зможа, адклаўшы свае справы, прыйсці на дапамогу. Быць валанцёрам можа толькі па-сапраўднаму добры і спагадлівы чалавек. Сёння валанцёрства - гэта рух, які аб'ядноўвае тысячы неабыякавых маладых людзей.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама і абласная арганізацыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Віншавальнай частцы папярэднічаў семінар па інклюзіўным валанцёрстве.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)