• Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
  • ЛяскавічыЛяскавічы
  • Гасцініца "Прыпяць"Гасцініца "Прыпяць"
  • Плошча горадаПлошча горада
Галоўная -  Навіны -  Навіны раёна

“Зялёнае” жніво ў самым разгары

13.06.2022

Беласнежныя цюкі, што раскінуліся на зялёных палях нашай радзімы, сёння мала каго здзіўляюць. Нягледзячы на вялікі кошт тэхналогіі, гаспадаркі краіны ўжо ва ўсю моц яе выкарыстоўваюць і нават эксперыментуюць з ёй. Трава, упакаваная ў стрэтч-плёнку, забяспечвае высокую якасць сенажу.


У час рэпартажу з палёў зарэчнай зоны пра эфектыўнасць упакоўкі травяных кармоў у палімерныя матэрыялы нам расказаў кіраўнік аддзялення ПУП “Вялаўск” Палессе-Аграінвест Васіль Казачэнка.
Васіль Уладзіміравіч доўгі час кіраваў Вялаўскай базавай школай, а калі тэрыторыі адышлі Мазырскаму раёну, вырашыў перайсці працаваць у родную гаспадарку. Мужчына адзначыў, што тут вялікую дапамогу аказваў чулы кіраўнік Аляксандр Верамееў. Ён заўсёды прыслухоўваецца да сваіх падначаленых.

– Настаўнікі настолькі загартаваныя, што могуць асвоіць новую прафесію хутка! – жартуе мой суразмоўца і працягвае: – Вядома, тэхналогія нарыхтоўкі кармоў з правяленай травы з пакаваннем у палімерныя матэрыялы дазваляе атрымліваць больш якасны травяны корм. Менавіта пры скормліванні каровам сенажу, яны даюць малако класа “Экстра”. Варта адзначыць, што тэхналогія патрабуе дакладнага выканання.

На пытанне, у які момант могуць узнікнуць цяжкасці, кіраўнік адказаў, што бываюць форс-мажоры, не без гэтага. Умовы надвор’я таксама могуць паўплываць на якасць сенажу.
Асаблівы гонар для Васіля Уладзіміравіча – тэхніка. Тут яна, падбіраючы скошаную і падвяленую траву, адначасова абкручвае яе сеткай і плёнкай. Прэс-падборшчыкі і пакавальнікі працуюць практычна адначасова, гэта станоўча адбіваецца на захаванасці корму.
– Першы ўкос шматгадовай травы асабліва важны – у гэты перыяд будучы сянаж найбольш пажыўны і сакавіты, – працягвае наш герой. – Цімафееўка, без сумнення, самая папулярная зёлка не толькі ў нашай мясцовасці, але і па ўсёй Гомельскай вобласці.
У гаспадарцы першы ўкос набліжаецца да завяршэння, засталося каля 10 працэнтаў плошчаў, хутка пачнуць другі.

– Тры работнікі ў нас прасуюць, 1 косіць і 3 – на адвозцы. Працуем у дзве змены. У сярэднім скошваецца 75 гектараў за дзень. Саміх цюкоў за сезон мы нарыхтоўваем каля 5 тысяч. Так, лічба не маленькая, як і праца. Адзін цюк важыць ад 800 кілаграмаў да 1 тоны. У дзень мае работнікі “афармляюць” у сярэднім 300-400 цюкоў, у рэкордныя дні – усе 500. Дзякуючы зладжанай працы днямі здалі 8 тон малака высокай якасці.
Распавёў нам кіраўнік і пра сістэму харчавання працаўнікоў прадпрыемства.

– Абеды работнікам кампенсуюць у грашовым эквіваленце. Таксама мы выкарыстоўваем сістэму заахвочвання: работнікам раз на месяц выдаем прэмію ў натуральнай форме – ад 14 кілаграмаў мяса, але тут важна выканаць сваю працу добрасумленна і не нарабіць памылак. У якасці падарунка да свята Святой Тройцы наш кіраўнік Аляксандр Верамееў не шкадуе 5 кілаграмаў свежага мяса і сала на кожнага работніка. Так што ёсць да чаго імкнуцца. Асобная падзяка намеснікам Івану Фешчанку і Кацярыне Махнаткінай за згуртаваную працу. Задача ў нашага прадпрыемства – павялічыць валавы надой малака і вывесці яго на 100% класа “Экстра”.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.