• ЛяскавічыЛяскавічы
  • Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
  • Плошча горадаПлошча горада
  • Гасцініца "Прыпяць"Гасцініца "Прыпяць"
Галоўная -  Навіны -  Навіны вобласці

Больш як 1 тыс. тон сельгаспрадукцыі рэалізавалі на асенніх кірмашах у Гомельскай вобласці

19.10.2022
19 кастрычніка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Больш як 1 тыс. т сельгаспрадукцыі ўжо рэалізавалі на асенніх кірмашах у Гомельскай вобласці. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама Аляксандр Качан.

Аляксандр Качан адзначыў: у рэгіёне асеннія кірмашы праходзяць у гарадах, раённых цэнтрах, буйных населеных пунктах. Для іх правядзення вызначылі каля 100 пляцовак, у тым ліку 23 пастаянна дзеючыя. Напрыклад, у абласным цэнтры месцы для продажу сельгаспрадукцыі ёсць ва ўсіх мікрараёнах. Пашыраныя кірмашы выхаднога дня традыцыйна праводзяцца на плошчы Паўстання.

Сваю прадукцыю пакупнікам прапануюць арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання вобласці, сельскагаспадарчыя арганізацыі, прадпрыемствы харчовай і перапрацоўчай прамысловасці, фермерскія гаспадаркі, рамеснікі і фізічныя асобы, якія вырасцілі ўраджай на асабістых падворках. Акрамя сельгаспрадукцыі, можна купіць фрукты, сельгасінвентар, угнаенні, сродкі аховы раслін, насенне і пасадачныя матэрыялы, мяса-малочную, кулінарную прадукцыю, рыбу, тавары лёгкай прамысловасці.

"У рэгіёне правялі ўжо больш за 320 кірмашоў. На іх рэалізавалі звыш 1060 тыс. т сельскагаспадарчай прадукцыі - бульбы, буракоў, рэпчатай цыбулі, капусты, яблыкаў, а таксама рыбы, іншых харчовых тавараў", - адзначыў Аляксандр Качан.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ўдакладніў: па дамоўленасці з суб'ектамі, якія рэалізуюць сельгаспрадукцыю, ажыццяўляецца дастаўка дадому пакупнікам. Акрамя таго, на кірмашах для дапамогі пажылым дзяжураць члены БРСМ.

Паводле слоў кіраўніка, цэны на сельгаспрадукцыю на кірмашах на сярэднерэспубліканскім узроўні. "Напрыклад, цана за кілаграм бульбы вар'іруецца ад Br0,45 да Br1,2, буракі - ад Br0,7 да Br1,2, моркву - ад Br0,7 да Br1,5, белакачанную капусту - ад Br0,4 да Br1,2, рэпчатую цыбулю - ад Br0,8 да Br2, яблыкі - ад Br0,8 да Br2,5", - канкрэтызаваў ён.

Для маніторынгу цэн ва ўсіх раёнах і галоўным упраўленні гандлю і паслуг аблвыканкама створаны рабочыя і мабільныя групы, у склад якіх уваходзяць і прадстаўнікі прафсаюзаў, мясцовых саветаў дэпутатаў, грамадскіх аб'яднанняў. Працуюць і гарачыя лініі для зваротаў людзей і суб'ектаў гаспадарання.

Усяго на верасень - кастрычнік у вобласці запланавана 390 кірмашоў, у тым ліку 317 пашыраных кірмашоў выхаднога дня, дадаў Аляксандр Качан. "Калі ўмовы надвор'я будуць спрыяльнымі, кірмашы прадоўжацца і ў лістападзе", - рэзюмаваў ён.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)