• Плошча горадаПлошча горада
  • Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
  • Гасцініца "Прыпяць"Гасцініца "Прыпяць"
  • ЛяскавічыЛяскавічы
Галоўная -  Навіны -  Навіны рэспублікі

Сетку цэнтраў падтрымкі тэхналогій і інавацый створаць у рэгіёнах Беларусі

23.10.2019

23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сетку цэнтраў падтрымкі тэхналогій і інавацый створаць у рэгіёнах Беларусі. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Андрэй Касоўскі перад адкрыццём рэгіянальнага семінара "Палітыка ў сферы інтэлектуальнай уласнасці для ўніверсітэтаў і навукова-даследчых інстытутаў", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

 

"Мінск цяпер наперадзе ў сферы інтэлектуальнай уласнасці, але важна аказваць падтрымку і рэгіёнам. Цяпер ідзе трансфармацыя нашых рэгіянальных структур у сферы інавацый. Думаю, што да канца года мы гэту работу завершым. Пачынаючы ўжо з 2020 года будзем фарміраваць у рэгіёнах сетку цэнтраў падтрымкі тэхналогій і інавацый. Думаю, што такі цэнтр будзе ў кожнай вобласці", - сказаў Андрэй Касоўскі.

 

ДКНТ рэгулярна праводзіць у рэгіёнах семінары ў сферы інтэлектуальнай уласнасці. Але важна таксама выкарыстоўваць замежны вопыт. З гэтай мэтай у бягучым годзе быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж урадам Беларусі і Сусветнай арганізацыяй інтэлектуальнай уласнасці.

 

Членамі САІУ з'яўляюцца 192 дзяржавы. Штаб-кватэра арганізацыі знаходзіцца ў Жэневе. Асноўныя мэты САІУ - садзейнічанне ахове правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці пры дапамозе супрацоўніцтва дзяржаў, ажыццяўленне адміністрацыйных функцый па міжнародных пагадненнях у гэтай сферы. САІУ аказвае Беларусі значную дапамогу ў развіцці нацыянальнай сістэмы інтэлектуальнай уласнасці. Асноўныя напрамкі супрацоўніцтва - удасканаленне заканадаўства Беларусі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, развіццё нацыянальнай інфраструктуры, укараненне новых інфармацыйных тэхналогій, навучанне спецыялістаў.

 

Рэгіянальны семінар праходзіць у Мінску 23-24 кастрычніка на базе Нацыянальнай акадэміі навук. Яго арганізатарамі выступілі Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці і Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці. З дакладамі і прэзентацыямі выступяць беларускія і замежныя эксперты. На семінары абмяркуюць найбольш актуальныя пытанні распрацоўкі і імплементацыі палітыкі ў сферы інтэлектуальнай уласнасці, разгледзяць перадумовы эфектыўнай камерцыялізацыі інтэлектуальнай уласнасці і трансферу тэхналогій.-0-