• Городская площадьГородская площадь
  • Агрогородок ЛясковичиАгрогородок Лясковичи
  • Памятник Н.П.ЧалогоПамятник Н.П.Чалого
  • Гостиница ПрипятьГостиница Припять
Главная -  Новости -  Новости района

Дайсці да вяршыні

07.06.2018

Мікіту Андруку пашчасціла, напэўна, больш, чым іншым. Ён сустрэў у сваім жыцці таго чалавека, настаўніка, які даў хлопцу магчымасць верыць у сябе, вёў па гэтым шляху да самай вяршыні.

У пятым класе Мікіта ўпершыню прыйшоў у майстэрню гімназіі на ўрок тэхнічнай працы і зразумеў, што яму гэта спадабалася, у яго атрымліваецца. Настаўнік Пётр Стральчэня, маючы вялікі вопыт працы з таленавітымі вучнямі, адразу прыкмеціў хлопчыка, даў магчымасць яму паверыць у сябе. Хаця да таго часу Мікіта нават і не ўяўляў, што можа працаваць са сталярным інструментам.

– Першыя раённыя і абласныя дыпломы заваяваў у сёмым класе, – расказвае юнак у час нашай кароткай сустрэчы, бо тэрміновых і неадкладных спраў у адзінаццацікласніка ў апошні тыдзень вучобы – безліч. – Кожная перамога была штуршком да наступных выпрабаванняў, падмацавання веры ў сябе. Цяжка было трымаць узнятую планку, але тое стала справай гонару. Нават думкі не было, каб кінуць займацца алімпіядамі. Тэхнічная праца стала, бадай, адзіным маім захапленнем, самамэтай. Ёй аддаваў увесь час па-за ўрокамі. Займаліся з Пятром Мікалаевічам у гімназіі, дома вывучаў тэорыю, інтэрнэт дапамагаў знаходзіць цікавыя ідэі.

У восьмым класе Мікіта выступаў на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па праграме дзясятага і адзінаццатага класаў і таксама меў дыплом. Летась у фінале рэспубліканскай алімпіяды стаў дыпламантам ІІ ступені. А сёлета – лепшым у рэспубліцы, узяўшы дыплом І ступені. Гэта тое, да чаго ён разам з настаўнікам ішоў усе гады бесперапынных падрыхтовак, без канікулаў і выхадных. Сцвярджае, што палова кожнай перамогі – заслуга яго настаўніка Пятра Стральчэні.

А побач быў сябар і аднадумца Андрэй Юркавец. На абодвух іх было адно захапленне – тэхнічная праца і алімпіядны рух. Разам і адстойвалі званне лепшых ва ўсіх алімпіядах. Гэта агульная справа і зрабіла Мікіту і Андрэя лепшымі сябрамі.

– Перамога ў рэспубліканскай алімпіядзе дае мне льготу на бясплатнае пражыванне ў інтэрнаце любога ўніверсітэта краіны, а таксама паступлення па-за конкурсам і без уступных іспытаў у Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Івана Шамякіна па профілі тэхнічнай працы, – пералічвае юнак свае магчымасці і планы. – Але пакуль такая спецыяльнасць разглядаецца як запасны варыянт. Для сябе вызначыў профіль фізікі і матэматыкі. Планую паступаць на інжынерную спецыяльнасць. Куды і канкрэтна што гэта будзе – пакажа цэнтралізаванае тэсціраванне. Шчыра ўдзячны тым настаўнікам, якія ўвесь час мяне падтрымлівалі, дапамагалі, дзесьці нават закрывалі вочы на тое, што мне не хапала часу як след падрыхтавацца да іх урокаў з-за алімпіяд. Верыць у сябе мне дапамагалі ў тым ліку Людміла Рыгораўна Хільман, Галіна Уладзіміраўна Туравец, Аляксандр Іванавіч Буднік, Алена Іванаўна Вяргей і многія іншыя.

Некалі пасля дзявятага класа ніхто з аднакласнікаў Мікіты не сумняваўся ў тым, што гімназія дасць ім максімум ведаў для далейшага паступлення. Сам юнак прызнаецца, што нават не карыстаўся паслугамі рэпетытараў. Праца з настаўнікамі плюс самападрыхтоўка далі той максімум, якім сёння ён валодае.

Ячшэ летась прыйшло ўсведамленне таго, што час развітання са звыклым, напружаным і поўным падзей і ўражанняў жыццём у гімназіі блізкі, што з некаторымі аднакласнікамі, можа здарыцца, ужо і не сустрэцца. Цяпер яны даюць абяцанні, што кожны год будуць прыязджаць на дзень сустрэчы выпускнікоў туды, адкуль пачалося іх жыцце, дзе ім давялося рабіць выбар сваёй будучыні, дзе былі перамогі і расчараванні, сапраўднае сяброўства і першае каханне.

– Тым, хто сёння шукае сваю справу ў час вучобы ў школе ці гімназіі, раю спрабаваць многае, выпрацоўваць у сабе імкненне да пошуку і перамогі, шукаць новае і паказваць сябе, – маючы права на парады, падагульняе Мікіта. – Калі не атрымліваецца ў адной справе – трэба выбіраць іншую, тую, што чакае менавіта цябе. Імкненне да вяршыні – мэта любой справы і жыцця ўвогуле.