• Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
  • ЛяскавічыЛяскавічы
  • Плошча горадаПлошча горада
  • Гасцініца "Прыпяць"Гасцініца "Прыпяць"
Галоўная -  Гасцям -  Славутасці

Славутасці


Свята-Узнясенскі храм

Свята-Узнясенскі храм аднапрастольны, пабудаваны ў 1890 годзе, прастольнае свята- Ушэсце Гасподняе. У 1930 годзе быў закрыты. З 1940 года царкву пачалі выкарыстоўваць пад склад солі. Вясной 1941 года тут абсталявалі воданапорную вежу, прабілі артэзіянскую свідравіну, устанавілі на драўляных апорах драўляную ёмістасць на 5 куб. метраў. У час Вялікай Айчыннай вайны з 1942 года падпольшчыкі Петрыкава захоўвалі ў царкве лістоўкі і радыёпрыёмнік, прымалі і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро.

Вядома, што ў пасляваенныя гады царква была закінута, а ў 70-я гады ва Узнясенскай царкве адкрылі піўны бар, у 80-я - размясцілі кафэ «Марожанае». Аб гэтым сведчыць унутраная драўляная абіўкасцен будынка.

На працягу 8 гадоў, з 1991 па 1999 год, аднаўляецца ўнутраны інтэр'ер і знешні выгляд царквы. У 1995 годзе з'явіўся новы двух'ярусны іканастас. Празгод абнавіўся купал. У 1998-1999 гадах пабудавана моцная ажурная агароджа вакол царквы. У 2000 годзе праведзены капітальны рамонт будынка, у царкве з'явіліся новыя абразы.

АбразыСвяціцеля Мікалая і Спаса Нерукатворнага напісаны і ахвяраваны мясцовым мастаком - аматарамПерарэжкам І.П. На 110-гадовы юбілей Узнясенскай царквы ў 2000 годзе адбылося святочнае богаслужэнне, якое завяршылася хрэсным ходам і асвячэннем адноўленай царквы.

Царква Свяціцеля Мікалая

Царква Свяціцеля Мікалая размешчана на высокім узгорку, пабудавана ў форме крыжа на месцы згарэўшай у час навальніцы ў 1772 годзе драўлянай царквы. Аб гэтым сведчыць камень на тэрыторыі храма. Пабудавана царква ў 1839 годзе на ахвяраванні прыхаджан і купцоў Кебеца, Маргуна, Караля, Карульскага.

Свята-Мікалаеўскі храм быў закрыты ў 1929 годзе. Трагічны яго лёс, як і соцень іншых храмаў, што закрываліся, рабаваліся, разбураліся ў савецкі час. Дагэтуль у храме захаваліся сляды варварскага кашчунства - сляды ад куль на абразах цэнтральнага алтара. У 1930 годзе са званіцы быў зняты звон вагой 120 пудоў 20 фунтаў, адвезены на станцыю Капцэвічы і на платформе адпраўлены на пераплаўку. Да 1941 года храм выкарыстоўвалі пад склад мукі, а ў ваенны час яго ачысцілі і адпраўлялі богаслужэнні. У пасляваенны час, калі знішчаліся цэрквы, што засталіся, падтрымліваць храм у добрым стане было вельмі складана.

Вернікі, каб захаваць Мікалаеўскую царкву, адрамантаваць яе, афармлялі куплю будматэрыялаў на ўласную гаспадарку, а потым перадавалі ўсё царкве, не баючыся ўсялякага асуджэння і пакарання. У пачатку 70-х гадоў мясцовыя ўлады хацелі закрыць храм, а прыхаджанам прапаноўвалася наведваць Пакроўскую Царкву на могілках. Верагодней за ўсё храм Свяціцеля Мікалая чакаў лёс Уваскрасенскай царквы, разбуранай у цэнтры горада. Але дзякуючы цвёрдай веры протаіерэя Яўгена Вейгі царква захавалася да нашых дзён. Яму неаднаразова даводзілася пераконваць прадстаўнікоў улад у неабходнасці богаслужэнняў у Мікалаеўскім храме.

Свята-Мікалаеўскі храм трохпрастольны: галоўны прастол - у імя Свяціцеля Мікалая, правы прастол - у імя Прарока Іліі, левы - у імя Васіля Вялікага. Шануемыя святыні храма: крыж з часцінкамі мошчаў святых Кіева-Пячэрскай лаўры, абраз Збавіцеля, падораны ў 1951 годзе царкве, абраз Божай Маці ў разной драўлянай аправе (абраз створаны В.Кебцам у 1872 г.), часцінка мошчаў святога праведнага Іаана Кармянскага, часцінка мошчаў архіепіскапа Феадосія Чарнігаўскага, абраз свяшчэннамучаніка Іаана Рыльскага (Пашына).

Сцены ўнутры храма ўпрыгожаны размалёўкай. Купал храма размаляваны ў 1951 годзе А. Церашковічам. Правы вугал (ніжэй да Царскай брамы) размаляваны А. Церашковічам у 1961 годзе. Архангел (пад абразом святой Багародзіцы) напісаны ў 1927 годзе. Абраз святога велікамучаніка Георгія і царыцы Аляксандры напісаны ў 1926 годзе. У царкоўнай бібліятэцы захаваліся рэдкія кнігі. Адрэстаўрыравана цэнтральная частка храма, Ільінскі і Васільеўскі прыдзелы да царквы.

Уваскрасенская царква

Уваскрасенская царква - некалі самы высокі будынак у г. Петрыкаве, кафедральны сабор Петрыкаўскага прыхода, пабудаваная ў 1846 годзе на сродкі вернікаў майстрамі з г. Краменчуга. Вялікі ўклад у будаўніцтва царквы ўнёс купец Пётр Карульскі, які ахвяраваў значныя сумы на храм. Усяго было расходавана больш за 30 тыс. рублёў. Пра гісторыю храма вядома вельмі мала. У 20-я гады 20 стагоддзянастаяцелем царквы быў свяшчэннік протаіерэй Кіркевіч.

У 1929 годзе з купалоў былі зняты званы, у храме абсталявалі кінатэатр, прыбудавана памяшканне для гульняў, танцавальная зала. У 1957 годзе па рашэнні мясцовых улад храм быў узарваны. Паводле слоў відавочцаў, храм узрывалі тры разы, і толькі на трэці раз абвалілася званіца. У руінах узарванай царквы была знойдзена свінцовая дошка памерам 37,5 х 24,5см, умураваная ў фундамент царквы пры яе закладцы, якая змяшчае наступны тэкст: «Во славу Всесвятых Троицы Отца и Сына и Святого Духа основана церковь сия каменная однопрестольная на место сгоревшыя трёхпрестольной деревянной во имя Воскресения Спасителя нашего Иисуса Христа Въ Царствование Императора Николая 1- го Самодержавца Всероссийского Царя Полского и прочее… За благословениемъ Святейшего Синода Архиепископа Никонора Минскага и Гродненскага Минской Губернии Мозырскага уезда собтвеннымъ коштамъ и стараниемъ жителей сего местечка Петрикова м: мая 24-го 1838-го года». На адваротным баку: «Сост. Петръ Корольский. Сост. Таблицы Стф. Юцевичъ».

Ад узарванай Уваскрасенскай царквы захаваліся да нашых дзён Капліца, размешчаная на плошчы насупраць будынка райвыканкама, і ў Свята-Мікалаеўскай царкве злева каля сцяны знаходзіцца фрагмент іканастаса храма.

Знаходка ў гарадскім парку

У час правядзення земляных работ, у рамках будаўніцтва пад'езду да моста цераз роў у гарадскім парку навуковым супрацоўнікам аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Касюк А.Ф. былі выяўлены часткі сцен замкавых пабудоў бастыённага замка пачатку 17 ст., які належаў роду Хадкевічаў. Ён быў знішчаны ў час казацка-сялянскай вайны 1648-1651 гг.

Памеры цэглы, спосаб муроўкі, раствор, а таксама матэрыялы з запаўнення навакольнай прасторы паказваюць на тое, што гэта рэшткі сцен 17 ст.

Улічваючы ранейшую практычна поўную адсутнасць інфармацыі пра дакладнае месцазнаходжанне замкавых сцен і пабудоў, выяўленыя фрагменты сцен уяўляюць сабой унікальную знаходку, маюць значнае навуковае і культурнае значэнне, таму павінны быць захаваны, а ў будучым – прадстаўлены шырокай публіцы для агляду.