• Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
  • Гасцініца "Прыпяць"Гасцініца "Прыпяць"
  • Плошча горадаПлошча горада
  • ЛяскавічыЛяскавічы

Петрыкаў. Папярэдзіць і зберагчы ад бяды

14.04.2022

 

У рамках рэспубліканскай пажарна-прафілактычнай акцыі "За бяспеку разам", а таксама з мэтай папярэджання пажараў і гібелі людзей ад іх, ратавальнікі Петрыкаўшчыны і іншыя суб'екты прафілактыкі праводзяць тлумачальную работу сярод насельніцтва.

У асноўнай сваёй масе пажары ў домаўладаннях адбываюцца па неасцярожнасці ці чалавечай бестурботнасці, а часам і з-за няведання правілаў пажарнай бяспекі.

Пры правядзенні прафілактычнай работы асаблівую ўвагу спецыялісты ўдзяляюць катэгараваным грамадзянам: шматдзетным сем'ям, сем'ям, якія выхоўваюць малалетніх дзяцей, адзінокім і адзінока пражываючым пажылым людзям, інвалідам і асобам, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі.

Наведваючы домаўладання, работнікі МНС і члены Лучыцкай назіральнай камісіі звяртаюць сваю ўвагу на кожную дэталь: стан печы, электраправодкі і электраабсталявання, прылеглай тэрыторыі, наяўнасць і спраўнасці аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка і ў цэлым умовы пражывання грамадзян.

У першай хаце нас ветліва сустрэла гаспадыня. У пакоях парадак: печ пабелена і без расколін, прытопачны ліст "у наяўнасці" і адпавядае памерам, апавяшчальнік маецца, аднак ён не прыкручаны і проста ляжыць на шафе. На пытанне "чаму так?", Людміла Васільеўна адказала, што самастойна ўсталяваць яго не можа. Інспектар МНС дапамог жанчыне правільна ўстанавіць апавяшчальнік. Пасля чаго растлумачыў простыя правілы для чаго неабходны гэты прыбор і як яго даглядаць.

- Асноўная функцыя апавяшчальніка - разбудзіць вас ноччу, калі адбыўся пажар. Ён рэагуе на дым і выдае гучны сігнал. Каб аўтаномны пажарны апавяшчальнік служыў доўга неабходна правяраць спраўнасць батарэйкі і замяняць яе па заканчэнні тэрміну прыдатнасці, а таксама чысціць корпус прыбора ад пылу, - растлумачыў спецыяліст службы "112".

Па наступным адрасе жыве пенсіянерка з сынам. Пытанняў у службаў не было б, але ў пакоі, дзе спіць Вольга Апанасаўна апавяшчальніка няма.

- Ён ёсць, але на кухні, - адказала гаспадыня.

- Гэта добра, што апавяшчальнік у вас ёсць, але ён павінен быць устаноўлены ў пакоі, дзе вы адпачываеце, - зрабіў заўвагу работнік МНС.

- Добра, я скажу сыну, і ён усё выправіць, - паабяцала Вольга Апанасаўна.

Па вуліцы Маладзёжнай у вёсцы Лучыцы жыве сям'я, якая выхоўвае дзяцей. Паднімаючыся на другі паверх члены назіральнай камісіі звярнулі ўвагу на ўстойлівы пах тытунёвага дыму. Дзверы адчыніла гаспадыня з малой на руках.

- Хто ў вас курыць? - пацікавіўся Сяргей Бруяка.

- Гэта муж, але ён курыць не ў хаце, а ў калідоры, - пачала казаць жанчына.

- Попельніцы стаяць у вас усюды і недакуркі на падлозе. Павінны ведаць, што забаронена курыць у ложку. Непатушаная цыгарэта або нядбайна кінуты недакурак часта прыводзяць да непапраўных наступстваў і гібелі людзей на пажарах. Таксама не ва ўсіх апавяшчальніка ў вас маецца батарэйка. Устараніце ў найкароткі час, а мы прыйдзем і праверым, - зрабіў заўвагі выратавальнік.

І наступны адрас нас не парадаваў. Гаспадыня выхоўвае маленькае дзіця, а апавяшчальнікаў зусім няма, таксама назіральнай камісіяй быў дадзены срок на выпраўленне заўваг.

Работнікі МНС нагадалі гаспадарам аб правілах навядзенні парадку ў двары, пры спальванні смецця і аб адказнасці за іх парушэнне.

Надалі ўвагу і правілам эксплуатацыі пячнога атаплення.

- Нягледзячы на ​​тое, што ацяпляльны сезон падыходзіць да канца, не забывайце аб неабходнасці прывесці печ у парадак. Прачысціце комін, заладзьце расколіны і пабяліце яе корпус, - нагадаў інспектар.

Па выніках наведвання домаўладанняў грамадзянам былі ўручаны памяткі з правіламі пажарнай бяспекі.