• ЛяскавічыЛяскавічы
  • Гасцініца "Прыпяць"Гасцініца "Прыпяць"
  • Плошча горадаПлошча горада
  • Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
Галоўная -  Навіны -  Навіны вобласці

Жлобін сустракае фестываль "Вытокі. Крок да Алімпу"

19.05.2023

19 мая, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Жлобін 19-20 мая сустракае фестываль "Вытокi. Крок да Алiмпу" - у райцэнтры адкрываецца трэці сезон спартыўна-культурнага свята, паведамляе БЕЛТА.

Як расказаў начальнік упраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама Павел Старасвецкі, у першы дзень фестывалю адбудзецца прэс-тур, у якім раскажуць пра гісторыка-культурную спадчыну жлобінскай зямлі. Удзельнікі пройдуць па маршруце ад гісторыка-краязнаўчага музея ў Жлобіне да Чырвонага Берага. На мемарыяле дзецям - ахвярам Вялікай Айчыннай вайны схіляць галовы ў памяць аб хлопцах і дзяўчатах, чый самы бесклапотны і радасны час укралі вогненныя 1940-я, да скульптуры "Абпаленае дзяцінства" ўскладуць кветкі. Наступным пунктам стане сядзібна-паркавы комплекс XIX стагоддзя Козел-Паклеўскіх, унутраныя залы якога - своеасаблівы даведнік па гісторыі архітэктурных стыляў у інтэр'еры. Тут спалучаюцца элементы больш як дзесяці стыляў: гатычны і раманскі, ракако, маньерызм, барока, класіцызм. Акрамя таго, гэта адзіная беларуская сядзіба, у афармленні якой выкарыстоўваўся рэдкі арабскі стыль - альгамбра, або маўрытанскі.

У гэты ж дзень спецыялістаў у галіне спорту збярэ семінар у фармаце круглага стала "Актуальныя пытанні падрыхтоўкі спартсменаў і шляхі іх вырашэння". "На ім будуць разгледжаны перш за ўсё новыя нарматыўна-прававыя акты і будуць дадзены адказы на самыя розныя пытанні", - адзначыў Павел Старасвецкі. Таксама Беларуская алімпійская акадэмія арганізуе семінар-практыкум для ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі.

На бульвары Металургаў райцэнтра будзе арганізаваны мастацкі інтэрактыў "Гуляйце з намі - малюйце самі". У 19.00 гасцей фестывалю запрашаюць на мюзікл-прытчу Маладзёжнага тэатра эстрады "Як ноч стала дзяўчынай". А ў 20.30 пачнецца кінапаказ пад адкрытым небам. Паводле слоў начальніка ўпраўлення, гледачам будзе прапанавана стужка "Легенда нумар 17".

Другі фестывальны дзень пачнецца яркай цырымоніяй адкрыцця свята. Яе акордам будзе лёгкаатлетычны забег на 500 м, удзельнікамі якога стануць дзеці. Чакаецца, што на старт выйдуць амаль 500 хлопчыкаў і дзяўчынак. Затым для ўсіх жадаючых дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў стартуе алімпійскі квест. Удзельнікі змогуць паспрабаваць свае сілы ў конкурсах у розных відах спорту. "На лакацыях падрыхтаваны заданні, выконваючы якія, дзеці будуць атрымліваць спецыяльную адзнаку ў картку, якая выдаецца пры ўваходзе. Да прыза прывядуць 15 сабраных адзнак", - расказаў Павел Старасвецкі.

Заяўлена ў праграме і новая лакацыя - "Гульні нашага двара". У ёй пяць этапаў, напрыклад "рызіначка" і "класікі", прайшоўшы якія, можна атрымаць сувеніры ад арганізатараў.

Акрамя таго, у фестывальнай праграме - фінал абласнога этапу новага інтэлектуальна-адукацыйнага праекта "Вытокi. Quiz", прэзентацыя калекцый адзення "Роднае-моднае" беларускіх прадпрыемстваў, мадэльераў, дызайнераў і прадпрымальнікаў, вакальны конкурс маладых выканаўцаў, новы конкурс песеннага тэксту "Вершы пра галоўнае" і многае іншае. У 20.00 пачнецца гала-канцэрт з удзелам папулярных артыстаў беларускай эстрады. У 23.00 неба райцэнтра расквеціць феерверк. "Адметнасцю старту фестывалю сёлета стане маладзёжная дыскатэка, якая прадоўжыцца да поўначы", - дадаў начальнік упраўлення.

Спартыўна-культурны фестываль "Вытокi. Крок да Алiмпу" прадоўжыцца ў Баранавічах (2-3 чэрвеня), Слоніме (16-17 чэрвеня), Глыбокім (23-24 чэрвеня), Касцюковічах (18-19 жніўня) і Барысаве (25-26) жніўня). Сярод арганізатараў фестывалю - Нацыянальны алімпійскі камітэт і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi